Назіранні ў прыродзе

29.06.2020
Як зрабіць адпачынак на прыродзе з дзецьмі яшчэ і адукацыйным.

Назіранні ў прыродзе з дзецьмі 2-3 гадоў.

Звярніце ўвагу на ўласцівасці аб’ектаў нежывой прыроды (вада халодная, цёплая; пясок сухі, вільготны, жоўты; камяні халодныя, цёплыя, круглыя і г.д.); спосабы дзеяння з імі (ваду льюць, наліваюць, пераліваюць, разліваюць; пясок насыпаюць, перасыпаюць, рассыпаюць, збіраюць, лепяць; камяні збіраюць, складваюць).

Разам з дзецьмі  называйце аб’екты нежывой прыроды: пясок, гліна, вада, камяні; называйце з’явы прыроды: ідзе дождж, дзьме вецер, свеціць сонейка і г.д.

На прыродзе можна гуляць з прыроднымі матэрыяламі і эксперыментаваць з імі.

Таксама важным будзе звярнуць увагу на расліны: пазнаваць іх па вонкавым выглядзе ў працэсе назіранняў, 1–2 дрэвы бліжэйшага акружэння (елка, бяроза і інш.), жыццёвую форму раслін (дрэва, куст, трава), квітнеючыя расліны на ўчастку (дзьмухавец, рамонак, маргарытка і інш.); часткі расліны (кветка, лісток); адрозніваць расліны па колеры, смаку, велічыні, форме; выдзяляць і называць вонкавыя прыметы раслін (трава нізкая, зялёная; дрэва высокае; дзьмухавец жоўты; яблык вялікі, круглы, чырвоны і г.д.).

Пры назіраннях за жывёльным светам важна пазнаваць і называць жывёлу ў працэсе назіранняў: птушак бліжэйшага акружэння (варона, верабей і інш.); насякомых (матылёк, жук і інш.); вызначаць і называць часткі цела жывёлы (галава, хвост, ногі ці лапы, на галаве – вочы, вушы, рогі); асобныя прыметы жывёлы (колер, велічыня, гукі, якія выдаюць, характэрныя рухі); яркія, характэрныя асаблівасці знешняга выгляду, асаблівасці рухаў жывёлы (сабачка бегае, птушачка лётае, рыбка плавае).

 

Назіранні ў прыродзе з дзецьмі 3-4 гадоў

Звярніце ўвагу дзяцей на сувязі паміж з’явамі прыроды: свеціць сонца – цяплей, дзьме вецер – халадней, на вуліцы вецер – калышуцца галінкі дрэў, ідзе дождж – з’яўляюцца лужыны, дзьме вецер – плывуць аблокі.

Паспрабуйце разам з дзецьмі выяўляць уласцівасці прыродных матэрыялаў падчас гульняў, эксперыментавання (вада льецца, прасочваецца, у ёй прадметы плаваюць або тонуць, некаторыя прадметы ў ёй раствараюцца; пясок сыпучы, з вільготнага пяску можна ляпіць; вільготная гліна мяккая, з яе можна ляпіць; камяні маюць колер, форму, велічыню).

Абмяркуйце яркія праяўленні раслін у розныя сезоны (восенню спеюць плады, лісце жоўкне і ападае; зімой расліны заміраюць, не растуць; вясной на дрэвах і кустах з’яўляюцца далікатныя зялёныя лісточкі, квітнее першацвет; летам расліны добра растуць, квітнеюць, пладаносяць); патрэбнасці раслін у святле, вільгаці і цяпле; часткі расліны: лісце і яго роля ў жыцці раслін.

Звярніце ўвагу на назвы раслін: дрэвы (елка, бяроза, рабіна і інш.); кусты (бэз, парэчка і інш.); паказвайце і называйце адметныя прыметы дрэў, кустоў і траў (дрэва высокае, мае адзін ствол, куст мае некалькі сцёблаў (ствалоў), яны танчэйшыя, чым ствалы ў дрэва, трава нізкая, зялёная); шукайце адрозніванне расліны, іх часткак і пладоў па адметных прыметах (афарбоўка, велічыня, смак, форма лісця, кветак, сцябла і г.д.).

У размовах пра жывёл засяродце ўвагу на насякомых (матылёк, божая кароўка, муха, пчала, камар), як выглядае, чым адрозніваецца і г.д.

 

Назіранні ў прыродзе з дзецьмі 4-5 гадоў

Звярніце ўвагу на ўласцівасці аб’ектаў і з’яў нежывой прыроды: вада празрыстая, можа замярзаць, можа награваць і астуджаць іншыя прадметы, раствараць некаторыя рэчывы і змяняць сваю афарбоўку і пах, у ёй могуць плаваць (тануць) прадметы; пясок прапускае ваду, сухі пясок лёгкі, пад уздзеяннем вады пясок становіцца цяжкім, пластычным, шчыльным; паветра нябачнае, бязважкае, без паху, не мае формы, яно вакол нас; засохлая гліна – цвёрдая, калі яна вільготная – мягкая, з яе можна ляпіць; камяні маюць вагу.  

Паспрабуйце вызначаць у працэсе гульняў, працы, эксперыментавання ўласцівасці пяску, вады, камянёў, гліны.  

Называйце разам з дзецьмі характэрныя з’явы нежывой прыроды і вылучайце іх ролю ў жыцці раслін, жывёлы, чалавека.

Засяродце увагу на выхаванні павагі і беражлівых адносін да прыроды, жаданні пазнаваць яе.

Абмяркуйце стадыі росту і развіцця раслін (насенне, парастак, сцябло, лісце, з’яўленне кветак, з’яўленне пладоў (насення); будову раслін: у дрэў адзін ствол, тоўстыя і тонкія галінкі, лісце, кветкі, плады; кусты маюць некалькі тонкіх ствалоў, галінкі, лісце, кветкі, плады, яны ніжэйшыя за дрэвы; у травяністых раслін ёсць сцябло, лісце, кветкі; расліны маюць пад зямлёй карані; спосабы догляду раслін: паліў, рыхленне, выдаленне пылу з лісця некалькімі спосабамі, праполка, пасеў, пасадка.

Пагуляйце у гульню “Хто болей назаве” – неабходна распазнаваць і 2–3 віды кустоў (маліна, парэчка, бэз і інш.); 4–5 відаў дрэў (рабіна, клён, каштан, дуб, сасна і інш.); травяністых квітнеючых раслін (званочак, трыпутнік, канюшына, наготкі, цюльпан, лілея, аксаміткі і інш.); лясных і садовых ягад (суніцы, клубніцы, парэчка, маліны, агрэст і інш.); грыбоў: атрутныя (мухамор, бледная паганка) і неатрутныя (лісічкі, баравік і інш.) і г.д.   

Паспрабуйце вызначаць у працэсе назіранняў і эксперыментавання патрэбнасці раслін у святле, вільгаці, цяпле, глебе і значэнне цэласнасці расліны; групаваць расліны: па вонкавым выглядзе (дрэвы, кустарнікі, травы), па лісці, кары, кветках, пладах і інш.); месцы вырастання (лес, парк, агарод, сад); параўноўваць характэрныя праяўленні ў свеце раслін у розныя сезоны: увосень – расквечванне і ападанне лісця, завяданне траў, у садах і агародах збор агародніны і садавіны; зімой – дрэвы і кусты без лісця, на хвоі, елцы – зялёныя іголкі; вясной – з’яўляюцца трава, лісце, кветкі, у агародах сеюць насенне агародніны, на клумбах высаджваюць кветкі; летам – шмат травы, кветак, спеюць ягады, садавіна, некаторая агародніна.

 Абмяркуйце стадыі росту і развіцця жывёлы (яйка – птушаня – дарослая птушка; ікрынка – малёк – рыбка; яйка – вусень – кукалка – матылёк); правілы ўзаемадзеяння з жывёлай у памяшканні і на вуліцы: спакойна паводзіць сябе каля знаёмай і незнаёмай жывёлы, не шумець, не рабіць рэзкіх рухаў.

Пагуляйце ў гульню “Хто болей назаве”  неабходна распазнаваць і называць розныя віды жывёлы: насякомыя (страказа, конік, муха, матылёк, пчала, чмель, мурашка і інш.); рыбы (шчупак, карась, сом і інш.); птушкі (голуб, верабей, варона, ластаўка, сініца, снягір, сарока, зязюля, гусь, лебедзь, качка і інш.); звяры (кошка, мыш, сабака, конь, каза, авечка, асёл, свіння, вавёрка, вожык, заяц, ліса, воўк, мядзведзь, кабан і інш.).

Абмяркуйце ў працэсе назіранняў, эксперыментавання патрэбнасці жывёлы (у святле, ежы, вадзе, цяпле, жыллі); паспрабуйце групаваць жывёлу па розных прыметах: жывёла дзікая і свойская; дарослыя і дзіцяняты; насельнікі лесу, парку, сквера, саду, агарода; птушкі, пералётныя, зімуючыя; параўноўваць характэрныя праяўленні ў свеце жывёлы ў розныя сезоны: увосень – становіцца нябачна матылькоў, жукоў, камароў, некаторых птушак; зімой – мала птушак, ім голадна, іх трэба карміць; вясной – з’яўляюцца матылькі, жукі, птушак становіцца больш, яны спяваюць, будуюць гнёзды, выводзяць птушанят; летам – шмат матылькоў, жукоў, стракоз, птушак.

Назіранні ў прыродзе з дзецьмі 5-7 гадоў

Абмяркуйце з дзецьмі  прыродныя рэсурсы, патрэбныя чалавеку (вада, сонечная энергія, энергія ветру) і неабходнасць іх беражлівага выкарыстання; адметныя прыкметы аб’ектаў і з’яў нежывой і жывой прыроды.

Паразважайце аб  аб’ектах і з’явах нежывой прыроды, іх уласцівасцях у прыродзе і штодзённым жыцці (глеба, пясок, камяні, гліна, іх адметныя асаблівасці); вада (агрэгатныя станы вады: вадкі, цвёрды, газападобны); паветра (свежае, халоднае, цёплае, вільготнае і г.д., цёплае паветра лягчэйшае за халоднае і падымаецца ўверх); вецер; паветра мае аб’ём, ціск паветра; паветра ёсць вакол нас усюды: у вадзе, цэгле, губцы, глебе; святло (светлавы прамень, крыніцы святла (сонца), залежнасць ценю ад крыніцы святла і аб’екта, сонечны гадзіннік, адбітак святла).

Паспрабуйце параўноўваць характэрныя праяўленні нежывой прыроды ў розныя сезоны.

Выхоўваць жаданне любавацца прыгажосцю прыроды.

Абмяркуйце прыкметы раслін як жывых істот: рухаюцца, паварочваюць лісце, сцябло, кветкі да сонца, раскрываюць і закрываюць пялёсткі і г.д.; сілкуюцца (корань усмоктвае ваду з зямлі, сцябло праводзіць ваду, ежу да іншых частак расліны, лісце ўлоўлівае святло і жывіць расліну); дыхаюць лісцем, сцяблом (ствалом), каранямі; адчуваюць прыход цяпла, холаду, сонечнае або пахмурнае надвор’е і інш.; растуць і размнажаюцца.

Пагуляйце ў гульню “Хто болей назаве” – пазнаваць і называць 5–7 відаў дрэў і кустоў (таполя, ясень, язмін, ляшчына, яблыня, груша, вішня і інш.), квітнеючых раслін (півоня, вяргіня, хрызантэма, прымула і інш.), пустазелля (лебяда, пырнік, макрыца і інш.), збожжавых культур (жыта, пшаніца і інш.), лясных ягад (брусніцы, буякі, журавіны і інш.), грыбоў (баравікі, падасінавікі, сыраежкі, апенькі, падбярозавікі і інш.), раслін, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь (белы гарлачык, жоўты гарлачык, сон-трава, медуніца і інш.).

Падкрэсліце адказнасць за стан раслін бліжэйшага акружэння; імкненне актыўна ўдзельнічаць у ахове прыроды.

 Абмяркуйце прыкметы жывёлін як жывых істот: рухаюцца (ходзяць, бегаюць, скачуць, лётаюць, поўзаюць), кормяцца (раслінамі: лісцем, сцёбламі, галінкамі, карой, сокам, насеннем, нектарам; мясам, казуркамі), адчуваюць наваколле (пры дапамозе вачэй, носа, языка, вушэй, скуры), растуць і размнажаюцца; пра розныя спосабы догляду жывёлы ў адпаведнасці з яе патрэбнасцямі. Акцэнтуйце ўвагу на неабходнасці выканання правіл паводзін у працэсе ўзаемадзеяння са свойскімі, бяздомнымі, дзікімі жывёлінамі.

Пагуляйце ў гульню “Хто болей назаве”– пазнаваць і называць віды пералётных птушак (ластаўкі, шпакі, гракі і інш.), зімуючых птушак (снегіры, вераб’і, вароны, галкі, сініцы і інш.); матылькоў (капусны бялян, лімонніца, крапіўнік, паўлінава вока), жукоў (майскі жук, божая кароўка і інш.), страказу, коніка, мурашку, камара, пчалу, жабу, яшчарку, віды жывёлы розных прыроднакліматычных зон (малпа, слон, жырафа, зебра, тыгр, белы мядзведзь, цюлень, пінгвін і інш.), жывёлін, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь (зубр, мядзведзь, жукалень, журавель, чапля і інш.).

Пагуляйце ў гульню  “Класіфікацыя” – групаваць жывёлу па розных прыкметах: па класах (птушкі, рыбы, звяры, насякомыя); па месцы пражывання (лес, луг, вадаём, агарод, сад, поле), па спосабе перамяшчэння (якія бегаюць, лётаюць, скачуць, плаваюць і інш.); па прыроднакліматычных зонах (белы мядзведзь, цюлень, пінгвін, жырафа, слон, малпа і інш.).

Абмяркуйце сезонныя змяненні ў жывёльным свеце: восенню насякомыя хаваюцца пад кару дрэў, пад апалае лісце, у зямлю; пералётныя птушкі адлятаюць, таму што яны кормяцца насякомымі; звяры: ласі, ваўкі, лісы, зайцы – ліняюць, у іх вырастае цёплы падшэрстак, змяняецца афарбоўка шэрсці – гэта ратуе ад холаду і ворагаў; вавёрка, запасіць корм; зімой жывёлы мала; мядзведзь, вожык і іншыя звяры залазяць у бярлогі, норы і засынаюць, птушкі зімой сілкуюцца насеннем раслін і іншым кормам, людзі падкормліваюць птушак зімой, вясной з’яўляюцца насякомыя і іншыя віды жывёлы, вяртаюцца пералётныя птушкі, уюць гнёзды, адкладваюць яйкі, выводзяць птушанят; у звяроў нараджаюцца дзіцяняты; летам цёпла і шмат корму для жывёлы. Выхоўвайце адказнасць за стан жывёлы бліжэйшага акружэння; імкненне актыўна ўдзельнічаць у ахове прыроды.

 

Падрыхтавана на матэрыялах вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі, зацверджанай Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь.