Як ажыццяўляецца спонсарская і іншая дапамога ўстанове дашкольнай адукацыі

     Артыкулам 137 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі ўстаноўлена, што фінансаванне расходаў на ўтрыманне ўстаноў дашкольнай адукацыі ажыццяўляецца за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў.

        У адпаведнасці з пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 25.07.2011 года № 146 "Аб зацвярджэнні Палажэння аб апякунскім савеце ўстановы адукацыі" для вырашэння актуальных задач установы дашкольнай адукацыі кіраўнік ва ўзаемадзеянні з апякунскім саветам мае права прыцягваць дадатковыя крыніцы фінансавання, у тым ліку спонсарскую дапамогу і сродкі бацькоў.

         Пры гэтым на падставе пункта 24 вышэйпаказанага Палажэння фінансавыя сродкі апякунскага савета фарміруюцца з добраахвотных узносаў і іншых крыніц, не забароненых заканадаўствам, якiя залiчваюцца на бягучы (разліковы) рахунак па ўліку пазабюджэтных сродкаў установы адукацыі, і выкарыстоўваюцца па мэтавым прызначэнні ў адпаведнасці з рашэннем апякунскага савета. Такім чынам, бацькоўская дапамога можа аказвацца толькі на добраахвотнай аснове. Пералік сродкаў ажыццяўляецца па квітанцыі на разліковы рахунак установы дашкольнай адукацыі.